ПАЛА́ТА ЦЫВІ́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па цывільных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. Ў 1778 уведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) па цывільных справах для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядала цывільныя справы з коштам іску не ніжэй за 500 руб. Да адмены Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 на тэр. Беларусі (да 1840) цывільныя справы разглядаліся ў палаце на падставе заканадаўства Рас. імперыі (справы, якія закраналі інтарэсы казны) і норм мясц. права. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. 6.2.1797 паводле ўказа Паўла I П.ц.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. У якасці 1-й інстанцыі разглядалі справы па спрэчках аб гарадах, маёнтках, якія знаходзіліся на тэр. розных паветаў. У дачыненні судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 паводле ўказа Сената П.ц.с. аб’яднаны з палатамі крымінальнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
А.У.Марыскін.
т. 11, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)